Translate/Перевести

АЛЕГ ЛОЙКА

Нарадзіўся 01 траўня 1931 года ў горадзе Слоніме Гарадзенскай вобласці ў сям'і фельчара. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1953), аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта (1956). З 1956 г. - выкладчык беларускай літаратуры, з 1985 г. - загадчык кафедры ўніверсітэта. Кіраваў універсітэцкім аб'яднаннем «Узлёт» (1964-1989). Член-карэспандэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1960 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1943 г. («Баранавіцкая газета»). Аўтар зборнікаў паэзіі «На юначым шляху» (1959), «Задуменныя пералескі» (1961), «Дарогі і летуценні» (1963), «Блакітнае азерца» (вершы і паэмы, 1965), «Каб не плакалі кані» (1967), «Дзівасіл» (1969), «Калі ў дарозе ты...» (выбранае, 1971), «Шчырасць» (1973), «Пачуцці» (вершы і паэма, 1976), «Лінія жыцця» (1978), «Скрыжалі» (выбранае, 1981), «Няроўныя даты» (1983), «Грайна» (1986), «Пралескі ў акопах» (1987), «Балады вайны і міру» (1989), «Талая вясна» (вершы і паэмы, 1990). Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў «Як Тоня рэха шукала» (1962), «Карагод дзівосных прыгод» (1966), «Каля млына» (1972), «Дзе хто начуе?» (1977), «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй» (1984).
Напісаў раманы-эсэ «Як агонь, як вада» (1984) і «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990), сцэнарый дакументальнага фільма «Максім Багдановіч» (зняты ў 1990).
Выступаў і як крытык, літаратуразнавец. Выдаў манаграфіі «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура» (1959), «Новая зямля» Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство» (1961), «Максім Багдановіч» (1966), «Сустрэчы з днём сённяшнім» (1968), «Беларуская паэзія пачатку XX стагоддзя» (1972), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў і творчых партрэтаў «Паэзія і час» (1981), вучэбны дапаможнік для студэнтаў ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд». Аўтар праграм па старабеларускай літаратуры і беларускай літаратуры XVIII - пачатку XX стагоддзяў. Адзін са складальнікаў хрэстаматыі для вышэйшых навучальных устаноў «Беларуская літаратура XIX стагоддзя».
Працаваў і ў галіне перакладу. На беларускую мову пераклаў кніжку выбраных твораў П. Верлена «У месяцавым ззянні» (1974), І. В. Гётэ «Спатканне і ростань» (1981), асобныя творы расейскіх, украінскіх, летувіскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў.
Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, іншымі медалямі і польскім медалём «Заслужаны перад польскай літаратурай». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае».